Экскурсія ў цэнтр ганчарства в.Гарадная

18.05.2021

         У Цэнтры ганчарства вёскі Гарадная пабывалі вучні нашай школы не толькі ў якасці экскурсантаў, але і пакупнікоў гліняных сувеніраў для сваіх сяброў, родных і блізкіх людзей.

         Музей размешчаны ў звычайным драўляным доме, у якім “пасяліўся ганчар”. Ён ўвесь час знаходзіцца за працай. Вельмі цікава назіраць, як дзякуючы яго ўмелым рукам кавалак гліны ператвараецца ў шэдэўры мастацтва. Менавіта адсюль пачынаецца цікавае падарожжа ў таямнічае мінулае гараднянскіх умельцаў. А баба Ліпа (так ласкава ў вёсцы ласкава называюць Алімпіяду Дзмітрыеўну) сардэчна запрашае гасцей словамі нашай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц наведаць слаўны Палескі край і пачуць галасы нашых продкаў:

Прыедзь у край мой ціхі,

Тут продкаў галасы,

Тут белыя бусліхі. 

І мудрыя лясы…

         Вырабы з гліны розных майстроў разам з драўлянымі статуэткамі размясціліся перад хатай. Там жа знаходзіцца горн, або печ для апальвання гліняных вырабаў.

         З вялікім задавальненнем дзеці і дарослыя прымаюць удзел у гульні і спрабуюць разбіць гаршочак. Той, каму гэта ўдаецца, атрымлівае салодкі падарунак.

         Напеўны і меладычны голас Алімпіяды Дзмітрыеўны нікога не астаўляе раўнадушным. Гэтая светлая і прыгожая жанчына з такім замілаваннем расказвае пра  звычаі і абрады нашых продкаў, што, здаецца, мы на самай справе чуем іх галасы. Яна  заклікае нас ніколі не забываць сваю маленькую радзіму, той куточак, дзе мы нарадзіліся, паважаць і цаніць светлую памяць  нашых землякоў і сваімі справамі пацвярджаць  любоў і адданасць роднай зямлі.

Далей прадстаўляецца магчымасць  ўбачыць, як раней жылі

беларусы.

У простай сялянскай хаце  прадстаўлены экспанаты рознай вышыўкі, станок ганчара, горан, у якім сушылі глечыкі, прылады працы і інш. І кожны з іх мае сваю гісторыю, як гаворыць баба Ліпа.

         Такія людзі як Алімпіяда Дзмітрыеўна ўкладваюць усю душу ў сваю справу. Яна разумее , што узяла на сябе адказную місію па захаванню мясцовага ганчарства. І з ёй “каралева ганчарнага кола” спраўляецца на выдатна.

         А ўсім, хто яшчэ не наведаў музей-сядзібу ганчара ў вёсцы Гарадная, мы раім абавязкова гэта зрабіць і вы ніколі не пашкадуеце, бо гэты экскурс у мінулае запомніцца назаўсёды.